Я любiмая дачка Бога

Автор: Администратор вкл. .

10-15 ліпеня ў нашым кляштары  ў  Баранавічах  прайшлі рэкалекцыі для дзяўчат старэйшых класаў  (9-11 кл.) на тэму  "Ты - любімая дачка Бога". Хочацца  ў  першую чаргу падзякаваць Богу за гэты час, за кожную ўдзельніцу рэкалекцый, за ўсіх арганізатараў і спецыялістаў, якія прыехалі да нас з розных куткоў Беларусі.

Кожная дзяўчына прыехала сюды  не выпадкова.  Бог Сам падрыхтаваў кожнай месца і свае дары, якія ўдзельніца рэкалекцый магла прыняць і з якімі  можа пазней дзяліцца, бо, што можа быць большым, як дзяліцца радасцю свайго існавання і скарбамі, якія атрымала ад Таго, Хто  любіць цябе проста так. Наш Стварыцель  жадае, каб  кожны  дзень быў  пражыты са свядомасцю, што я  - любімая  дачка Бога, а што пра гэта скажуць тыя, каму выпала магчымасць паўдзельнічаць у гэтых рэкалекцыях?

Пяць дзён мы разважалі над тэмай жаноцкасці. І як хутка праляцелі гэтыя дні.  Кожны дзень быў насычаны і асаблівы.

Дзень 1. "Бог - гэта той,  Які палюбіў чалавека".

У гэты дзень мы разважалі над Божай Любоўю і спрабавалі адказаць на пытанні:

Ці павінна я змяняцца, каб Бог пачаў любіць мяне?  Высновы: ”Бог любіць мяне такой, проста так. Гэта я – любімая Бога. Бог прагне ўдзельнічаць ў маім жыцці. Хоча ўратаваць мяне, падарыць мне шчасце. Тое, што Ён любіць іншых  такой самай любоўю, не памяншае Яго Любові да мяне. Бог - не чалавек. Ён не павінен дзяліць Сваю Любоў,  любіць кожнага ў паўнаце ўсім Сабою.  Бог ЛЮБІЦЬ ЛЮБОЎЮ,  ЯКАЯ НЕ ПЕРАСТАЕ. І гэтай любові можа крануцца і прыняць кожны чалавек.

Дзень 2. "Я – любімая дачка Бога". У гэты дзень мы разважалі над стварэннем жанчыны.

Высновы: "Бог стварае жанчыну, калі Адам спіць. Бог паставіў Адама перад таямніцаю стварэння. Мужчына ніколі не будзе панаваць і валодаць жанчынаю, як над іншым стварэннем! Жанчына – таямніца".

Дзень 3.  "Табе ахвярую,  Пане мой, праз заступніцтва і апеку Марыі, ўсё маё  жыццё".

У гэты дзень мы адказвалі на пытанні:

- Ці адчуваю ў маім жыцці моц Божую, апеку Божую?

- Што для мяне самае галоўнае: пазнаць Бога, ці  даверыцца Яму?

- Якія думкі і пачуцці нараджаюцца ўва мне, калі думаю аддаць усё сваё жыццё Богу?

- Ці памятаю пра тую, якая моліцца за мяне і хоча ўзяць пад Сваю асабістую апеку? Ці даверылася я Маці Божай - сваёй Нябеснай Матулі?

Напрыканцы дня, кожная свядома ахвяравала Богу ўсё сваё жыццё праз заступніцтва Беззаганнай  Марыі, а ў знак памяці аб гэтым прысвячэнні, кожная атрымала цудоўны медалік Беззаганнай.

У гэты дзень таксама свой час мы прысвяцілі на масцер-класы па прафесіянальнай сервіроўцы стала і прыгатаванню смачнага і незвычайнага  дысэрту, якімі таксама паддзяліліся з сёстрамі ў кляштары  і нашымі  гасцямі-спецыялістамі, якія наведалі нас ў наступны  дзень.

Дзень 4: сустрэчы са спецыялістамі (мед.сястра  п.Казіміра,  Марына Габіс - практыкуючая хрысціянка, педагог і проста добрая мама, якая жыве і рэалізоўвае ў розных варунках сябе, як сапраўдную жанчыну).

Дзень 5: "Я обаятельная и привлекательная". Суправаджалі нас у гэты дзень вобразы Езуса, Марыі і Марфы.

На разважаннях і канферэнцыях мы прыглядаліся, як я сябе праяўляю ў жыцці як жанчына, як паслугоўваюся дарамі, якімі адарыў мяне наш Стварыцель.

На масцер-класе была магчымасць навучыцца або праявіць сябе ў якасці  спецыяліста цырульні.

Дзень пяты мы прысвяцілі сябе Езусу, Якому даверылі нашыя хваробы, жахі ўсё, што перашкаджае стаць нам сапраўднымі і шчаслівымі жанчынамі.

Таксама хочацца сказаць вялікі дзякуй с. Уладзіміры, с. Рыце за тое, што кожны дзень яны дапамагалі адкрыць нам, нейкую таямніцу жаноцкасці, за тое, што дапамагалі нам адкрываць сэрцы на Езуса і бліжняга. Вялікі дзякуй хочацца сказаць кс.Дзмітрыю за прыгожае казанне, якое дапамагло нам задумацца над сваім жыццём і пакліканнем.

Яна Ц.\Дарава\

Мне спадабаліся гэтыя рэкалекцыі, якія былі вельмі насачынымі: цікавыя канферэнцыі, індывідуальныя малітвы, майстар-класы, псіхалагічныя трэнінгі, прагляды фільмаў пра святых і поўных жыцця жанчын.

Дзякуючы гэтым рэкалекцыям, я даведалася нешта новае, больш адкрылася на Бога, а таксама зразумела, што не павінна быць дасканалай, каб Бог пачаў любіць мяне. Бог любіць мяне такой, якая я ёсць. Я зразумела, што быць дзяўчынай таксама вялікі дар, якім Бог адарыў мяне. Хачу шчыра падзякаваць за гэты час сёстрам Уладзіміры і Рыце, за тое, што працавалі з намі, усім сёстрам за гасціннасць і смачную ежу. Дзякуй Вам!

N.N.

Гэтыя рэкалекцыі прынеслі плён. Дакладней сказаць, тут  я  шмат чаго для сябе ўзяла. Напэўна,  я атрымала адказ на нейкія свае пытанні. Мне стала лягчэй. Усё было вельмі добра: супольныя малітвы, спевы, думкі… У той дзень, калі мы атрымалі медалікі Маці Божай, я ўспомніла, што ў дзяцінстве  мела такі медалік, але яго сутнасці я не разумела, ды  нават проста ён мне не падабаўся.  Мне заўсёды хацелася насіць крыжык, як усе. На сустрэчы я больш даведалася пра тое, як Марыя перадала нам гэты медалік. Я захацела свядома даверыцца Маці Божай, што і здарылася ўвечары на адарацыі, дзе кожная з нас даверылася Марыі праз акт пасвячэння Маці Божай, а таксама атрымала медалік, які будзе нагадваць аб гэтай хвіліне і аб тым, што Марыя, мая Маці Нябесная, заўсёды са мною, Яна заўсёды выслухае і дапаможа мне. Таксама вельмі падабаліся малітвы, разважанні пасля канферэнцый. Гэта быў час малітвы ў цішы, я скарыcталася магчымасцю паразмаўляць з Богам, з Марыяй, уявіць сябе ў тых падзеях, якія адбываліся ў часы жыцця Хрыста на зямлі.  Дарэчы былі вельмі цікавыя канферэнцыі. І ў апошні час, здаецца, менавіта гэтыя тэмы, гэтыя словы мне трэба было пачуць. Дзякую шчыра.

Таксама было вельмі прыемна прайсціся  па прыкасцёльнай тэрыторыі, палюбавацца прыгожым  надвор’ем, прыродаю… Вельмі весела было пакатацца на арэльках, паваляцца на траве, прыслухоўваючыся да галасоў прыроды.

Атрымалася так, што амаль  усё гэтае лета праходзіць  у мяне з Богам (розныя рэкалекцыі).  Я  дзякую Богу, што Ён зрабіў так, каб я змагла сюды прыехаць. Гэта было мне патрэбна. Спадзяюся трапіць сюды ў наступным годзе. Мой дэвіз "Я – любімая дачка Бога, няма нічога, што магло б гэта змяніць!

N.N.

Рэкалекцыі праляцелі вельмі хутка. Кожны дзень быў насычаны. Быў час таксама на адпачынак. Мне вельмі спадабаліся медытацыі, падчас якіх я разважала над Словам Божым, седзячы ў Капліцы, у прысутнасці Бога. Але больш за ўсё мне запоўніўся момант, калі я прысвяціла сваё жыццё Марыі, асабліва, калі мне сястра Рыта апранула медалік. Дзякуй вялікі.        

N. N.

У рэкалекцыях я ўдзельнічаю ўжо другі год. І ўсё больш мне гэта падабаецца.  Для мяне рэкалекцыі - гэта магчымасць больш прыблізіцца да Бога, пазнаёміцца з новымі людзьмі,  якія таксама ідуць гэтым шляхам. Запомнілася шмат чаго: майстар-клас, індывідуальная малітва, прагляд фільмаў і іншае. У гэтым 2015 годзе была вельмі цікавая тэма: "Я – любімая дачка Бога".  Нарэшце, я зразумела, што дзяўчынай быць вельмі добра. За гэта я ўдзячна сёстрам, якія мне ў гэтым дапамаглі.

N.N.

На працягу гэтых рэкалекцый, я шмат зразумела, зрабіла высновы наконт свайго жыцця і паводзін, адкрыла сваё сэрца Богу, пазнаёмілася з цікавымі людзьмі. Мне спадабалася ўсё, але больш за ўсё мне спадабаліся цікавыя і павучальныя канферэнцыі, з дапамогай якіх я разабралася ў сваім жыцці, індывідуальныя малітвы, пасля якіх на душы было лёгка і спакойна, майстар-класы, пасля якіх я многаму навучылася, цікавыя фільмы! Дзякуй усім сёстрам, якія далі нам прытулак і вельмі смачна кармілі.

К. Якоўчык

Мне вельмі-вельмі спадабаліся рэкалекцыі. Дзякуй усім сёстрам, якія былі са мной на працягу гэтых 5 дзён і таксама пастуланткам сясцёр: Алёне, Вользе, Дашы і Эльвіры. Гэтыя рэкалекцыі навучылі мяне разважаць над сваім жыццём, ісці па жыцці  разам з Богам. Асабліва ўразілі майстар-класы. C.Уладзіміра, c.Рыта с.Аляксандра, с.Яна, с.Вікторыя і іншыя ВЯЛІКІ ДЗЯКУЙ!

Маша /Слонім/

 

Мне спадабаліся гэтыя рэкалекцыі, таму  што больш пазнала Пана Бога, было цікава глядзець фільмы, удзельнічаць у псіхалагічных трэнінгах, працаваць на майстар-класах, паглыбляцца ў асабістай малітве. Таксама я знайшла новых вельмі цікавых сябровак.

 N.N.

Падчас рэкалекцый я ўдзельнічала ў псіхалагічных трэнінгах, пасля якіх адчула сябе больш адкрытай, на канферэнцыях мела магчымасць пазнаць праўду пра сябе. Нас наведалі цікавыя людзі (Марына і п.Казіміра), якія з розных бакоў адчынялі нам прыгажосць жаноцкасці, за што вельмі ім удзячна. Дзякуй с.Уладзіміры i с.Рыце за цікавыя  майстар-класы. Цяпер прыеду да дому і буду старацца не класці локці  на стол і  трымаць роўна  спіну. Дзякуй  за ўсё,  што пакуль не магу  выказаць  словамі,  але спадзяюся:  ўсё,  што ўзяла для сябе на  гэтых рэкалекцыях,  прынясе добры плён у маім  жыцці.

N.N.